АМЕЯ́ДАЎ ХАЛІФА́Т,
Дамаскі халіфат, дзяржава арабаў у перыяд праўлення халіфаў дынастыі Амеядаў. Сталіца — Дамаск. На пачатку займаў тэр. Аравійскага п-ва, Месапатаміі, Палесціны, Сірыі, Ірана, Егіпта. У ходзе араб. заваяванняў да халіфата далучаны Паўн. Афрыка, б.ч. Пірэнейскага п-ва, ч. Сярэдняй Азіі, некат. княствы Паўн.-Зах. Індыі, Арменія, Азербайджан, ч. Грузіі. Амеяды распаўсюджвалі сярод заваяванага насельніцтва іслам, увялі ў справаводства араб. мову, рэарганізавалі войска (салдаты атрымлівалі плату з казны ці надзяляліся зямлёй), будавалі дарогі, каналы, караван-сараі і інш. Нестабільныя падаткі і нормы землекарыстання выклікалі нар. паўстанні (часам у форме сектанцкіх рухаў), апошняе з якіх у 747—750 пад кіраўніцтвам Абу Мусліма прывяло да звяржэння дынастыі Амеядаў і разбурэння халіфата.
т. 1, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)